КА́МЕНСКАЕ ГАРАДЗІ́ШЧА,
пасяленне канца 5—3 ст. да н.э. каля г. Каменка-Дняпроўская і с. Вял. Знаменка Запарожскай вобл. (Украіна). Пл. каля 12 км². З боку стэпу было ўмацавана земляным валам і ровам, а з Пн і 3 ахавана ярамі над Дняпром, р. Конка і Белазерскім ліманам. У паўд.-зах. частцы знаходзіўся акропаль, дзе жыла скіфская знаць. Жыхары займаліся вырабам бронзавых і жал. прылад, ткацтвам, ганчарствам, земляробствам і жывёлагадоўляй. Рамеснікі жылі ў зямлянках і слупавых наземных пабудовах, знаць — у мураваных дамах. Паселішча з’яўлялася буйным рамесным і гандл. цэнтрам, цесна звязаным з грэчаскімі калоніямі Паўн. Прычарнамор’я і мясц. насельніцтвам Скіфіі.
т. 7, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)